Выхаваўчая работа


Турнір знаўцаў “Родная мова, цудоўная мова!
Сцэнарый мерапрыемства
для вучняў 5 класаў

   21 лютага  –  Міжнародны дзень роднай мовы. Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай.  Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з сябрамі, знаёмымі, сваякамі.  Менавіта яна для яго найпрыгажэйшая, наймілагучнейшая.  Менавіта яна ззяе шматлікімі фарбамі, здзіўляе шматгалоссем.

З  легендаў і казак былых пакаленняў, 
 З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
 З сузор’яў і сонечных цёплых     праменняў,
 З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
 З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
 I з гора, і з радасці, і з усяго
 Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
 Святыні народа, бяссмерця яго,—
 Ты выткана, дзіўная родная мова.
                                            Максім Танк

Такія словы знайшоў для раскрыцця шматграннасці роднай беларускай мовы М.Танк. Для многіх з нас, як і для М Танка, беларуская мова з’яўляецца роднай. А вось як добра мы з вамі ведаем нашу мову, ці граматна ёй карыстаемся , пакажа турнір знаўцаў.(удзельнікі раздзяляюцца на дзве каманды)
1 заданне  “Конкурс паэтаў” (гучыць музычная кампазіцыя, падрыхтаваныя вучні чытаюць вершы пра мову)

Дала мне маці гэту мову...
Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым  прыйшоў у свет,
Дала мне маці гэту мову,
Як спадчыну і запавет.
Была яна не беларучкай
І на жніве, і на  сяўбе;
На глебе добрай беларускай
Здабыты словы ўсе яе.
Прапахлі сонцам і падзолам,
Дажджамі, сокамі раслін,
Пад знак рукам яе мазольным,
Што мелі толькі ў сне спачын.
Дачка мая! У жыццёвай прозе
У буднях   і святочным днём
Не пакідай яе ў парозе,
Калі ў нечы ўвойдзеш дом.
Аляксей Пысін

Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Ты мне заўсёды была дапамогай,
Дзе б і якой не хадзіў я дарогай.
Чую ў табе перазвоны крыніцы,
Чую ў табе і раскат навальніцы,
Чую павевы зялёнага бору,
Водгулле працы ў родным прасторы.
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
Кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застанецца,
Вечнае так, як народнае сэрца
                                (У. Дубоўка).
А зараз праверым, ці ёсць сярод вас паэты. З прапанаваных слоў састаўце верш пра мову.(слова, мова, жывое, трапяткое, чулае, мудрае, звонкае, лепшае ) Каманды прэзентуюць уласныя вершы.
2 заданне “Знаўцы  ”
У народзе кажуць: прыказка – крыніца мудрасці. А народная мудрасць сведчыць: “Усяму пачатак – родная мова.
І зараз мы праверым, як добра вы ведаеце прыказкі пра мову. Кожнай камандзе раздаюцца незакончаныя прыказкі. (За кожную правільна дапоўненую прыказку каманда набірае 1 бал.)
Прыказкі 1 камандзе.
Куляй патрапіш у аднаго (а трапным словам- у тысячу)
Ласкавае слова… (лепшае за мяккія пірагі)
Лепш крышку зрабіць…( чым багата нагаварыць)
Меней гавары…(болей пачуеш)
Многа гаворана (ды мала сказана)
Хто пытае…( той не блудзіць)

Прыказкі  2 камандзе.
Не бойся сварлівага…( а бойся маўклівага)
Не той сябар, хто мёдам мажа…( а той, хто праўду кажа)
Няма тае хусты…( каб завязаць людзям вусны)
Прымаўкі ды прыказкі…( роднай мовы прывязкі)
Рана загоіцца…( а злое слова- ніколі)
Расказалі пра вераб’я… (а прыкажуць пра жураўля)
3 заданне “Перакладчыкі”. (Абедзвюм камандам раздаюцца выказванні для перакладаў. Перамагае тая каманда, якая зробіць менш памылак. Пераможца атрымлівае 7 балаў)
Выказванні 1 камандзе.
Никакое богатство людей не бывает дороже их родной речи
 Только через родную речь человек может стать белорусом, так как в ней химия и физика, история и ботаника, экономика и культура того, что называется нацией, народом. 
Язык - это большое  народное  сокровище. Его  нельзя не уважать, как нельзя не уважать родной народ. 
 Оно хорошо, а даже и нужно знать соседний язык, но прежде всего нужно знать свой
Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову. (Я. Колас)
Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам. (Я. Сіпакоў)
Мова — гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ. (І. Мележ)
Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. (Ф. Багушэвіч)

Выказванні 2 камандзе.
 Родной язык, будто цемент, связывает людей. Он дает им наилучший способ понимать друг друга, одной мыслью жить, одной доли искать. 
 Родное слово - это первый источник, через который мы познаем жизнь и окружающий нас мир.
Нужно любить, знать и уважать язык своего народа и уметь в совершенстве владеть им.
Кто забыл своих предков - себя теряет, кто забыл свой язык - все потерял. 

Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. (Цётка)
Роднае слова — гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. (Я. Колас)
Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю. (Я. Колас)
Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе, хто забыў сваю мову — усё згубіў. (У. Караткевіч)

4 прыпынак “Эрудыты-мовазнаўцы”( бліц –апытванне, за кожны правільны адказ – 1 бал, адказваюць капітаны)
1.     Колькі літар у беларускім алфавіце?(32)
2.     У якім горадзе знаходзіцца помнік літары “ў” ?(Полацку)
3.     Як ветліва развітваюцца беларусы? (да пабачэння) 
4.     Ці з’яўляецца літарай апостраф? (не)
5.     Якім словам беларусы выказваюць згоду? (так)
6.     Колькі галосных гукаў у беларускай мове?(6)
7.     Як правільна: “прабачце мяне” ці “прабачце мне”?
8.     Ці з’яўляецца галоснай літара “ў”?(не)
9.     Як правільна: “дзякую табе” ці “дзякую цябе”?
10.                        Ці з’яляюцца парнымі па мяккасці гукі ц - ц’?(не)

5 заданне “Творцы”
Каманды ствараюць і прэзентуюць калажы на тэму “Родную мову трэба ведаць таму, што…”
Падвядзенне вынікаў. Пакуль журы падлічвае балы, падрыхтаваныя вучні каменціруюць прэзентацыю “З гісторыі развіцця беларускай  мовы”
Узнагароджанне каманд.
        
Хацелася б закончыць наш турнір, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, словамі Віктара Шведа з яго твора “10 запаведзяў”
Мову родную беражы.
Мовай роднаю даражы.
Мову родную шануй.
Мовай роднай не гандлюй.
Мову родную любі.
Мовы роднай не кідай.
Мову дзецям перадай.

Мовы не аддай на здзек.
Толькі з ёю жыцця век.

Комментариев нет:

Отправить комментарий